Эх, Калядкі, бліны і аладкі!
Асаблівае месца ў сістэме выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту займае знаёмства з народнымі святамі і абрадамі. Урачыстасць, атрыбутыка, святочнае нацыянальнае адзенне, фальклорныя песні – усё гэта садзейнічае выхаванню патрыятычных пачуццяў, у дзяцей узнікае жаданне разумець беларускую мову і размаўляць на ёй, вывучаць родную культуру, традыцыі.
Першае народнае свята ў новым годзе – Каляды, адно з самых любімых свят у старажытных славян. На Каляды, асабліва ў першы вечар, прынята было збірацца разам, усёй сям’ёй.
Адна з самых яркіх традыцый Каляд, што дайшла да сучаснасці – калядаванне. Лічылася, што толькі весялосць, шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых у гэты дзень, ды аберагчы людзей ад іх. Моладзь збіралася разам, пераапраналіся ў касцюмы жывёл (мядзведзя, казу, ката, сабаку) і хадзілі па хатах, спяваючы калядныя песні з пажаданнямі ўсяго лепшага, услаўляючы сілы святла і граючы на музычных інструментах. Ад той пары і да сёння захаваўся звычай ладзіць маскарад на новы год, абменьвацца падарункамі, вадзіць карагоды.
У ДУА “Дзіцячы сад в.Ялуцавічы” пад кіраўніцтвам музычнага кіраўніка Чарняк Т.А., выхавальніка Раманчык В.А. прайшла музычная забава «Прыйшла Каляда!». Дзеці гулялі, спявалі песні, вадзілі карагоды. Былі і казачныя персанажы - Козачка, Цыганка, Мядзведзь.. Прычым, дашкольнікі былі не толькі гледачамі, але і непасрэднымі ўдзельнікамі. Па ўжо склаўшайся традыцыі кожны год выхаванцы развучваюць песні-калядкі, вершы, апранаюцца ў касцюмы жывёл , казачных персанажаў і адпраўляюцца калядаваць. Наша “Каляда” была насычана казачнай атмасферай, вясёлымі песнямі i гульнямі. Свята не толькі прынесла радасць нашым выхаванцам, але і дало ім магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, самім адчуць усё хараство народных святаў і гульняў. Дзеці вельмі любяць гэтае вясёлае свята, актыўна прымаюць у ім удзел. А педагогі пастараліся стварыць для выхаванцаў атмасферу Каляд: ўрачыстасць, святочнае ўбранне, традыцыйныя героі, нацыянальныя касцюмы, якія спрыялі эмацыянальнаму ўспрыманні свята, пакінулі ў дзяцей незабыўныя ўражанні.