Падарожжа па беларускіх народных казках.
У рамках тыдня беларускай мовы ў дзіцячым садзе адбыліся падарожжы па беларускіх народных казках. Дзеці слухалі казкі, адказвалі на пытанні. З дзецьмі старэйшай групы была праведзена віктарына па беларускіх народных казках. Быў арганізаваны прагляд беларускіх мультыплікацыйных фільмаў.
Адным з важных шляхоў творчага пазнання рэчаіснасці з'яўляецца казка. Народныя казкі — найбагацейшы скарб, у іх увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з'явамі. Казка ўзнаўляе даўно забыты час і падзеі, страчаныя ў памяці народа, своеасаблівы каларыт часу і жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, быту нашых продкаў.
Казка дае маленькаму чалавеку ўрокі патрыятызму і маралі. Усім сваім паэтычным ладам яна вучыць разумець народнае ўяўленне пра добрае і злое, высокае і нізкае, сумленнае і агіднае, гуманнае і жорсткае. Яна садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма высакароднасць душы, суперажыванне, сардэчная чуласць да чалавечага гора, пакут. Яна ўмацоўвае ў дзяцей жыццялюбства, аптымізм, вучыць іх марыць, развівае ўяўленне, будзіць творчыя здольнасці. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.
Патрабуецца інтэнсіўная душэўная праца дзіцяці, каб здолець пайсці за ўяўленнямі казачніка, развіваючы і фарміруючы свет уласных уяўленняў, пашыраючы свае веды аб навакольным асяроддзі. I калі мы расказваем дзецям казкі, важна не проста вучыць іх сачыць за ланцужком падзей, за сюжэтам, але і ствараць умовы для развіцця такіх пазнавальных працэсаў, як успрыманне, памяць, мысленне, мова, уяўленне. Менавіта эмацыянальнасць і здольнасць да пераймання, атаясамліванне сябе з казачнымі героямі робяць дзяцей даверлівымі, «даступнымі» для педагагічнага ўздзеяння.